У Шчучыне – новая аптэка

Сёння ў Шчучыне адкрыла дзверы яшчэ адна дзяржаўная аптэка – чатырнаццатая па ліку ў нашым раёне і 230-ая ў сетцы Гродзенскага РУП “Фармацыя”. Размясцілася яна пад адным дахам з магазінам “Родны кут”, што на вуліцы Вацлава Рудага.

Жыхары мікрараёна новабудоўляў гэты аб’ект сацыяльнага прызначэння чакалі даўно, а раённая ўлада, кіраўніцтва Гродзенскага РУП “Фармацыя” і ЦРА №6 актыўна шукалі магчымасці, каб выканаць пажаданні людзей. І ўсё атрымалася найлепшым чынам, зацікаўленыя бакі засталіся задаволенымі.

Ва ўрачыстым адкрыцці аптэкі прынялі ўдзел намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Г.С. Хвядзюк, намеснік генеральнага дырэктара Гродзенскага РУП “Фармацыя” Т.А. Зарэцкая, першы намеснік дырэктара Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства Дз.В. Вайтовіч. Службовыя асобы назвалі “дзень нараджэння” аптэкі знакавай падзеяй.

– Гэта падзея пацвярджае, што наша дзяржава была, ёсць і будзе сацыяльна арыентаванай. Гэта значыць, дасягаецца самая галоўная мэта – усё робіцца для людзей і дзеля людзей, – падкрэсліла Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

– Адкрыццё кожнай новай аптэкі – новы крок у рэалізацыі галоўнай задачы – якаснага і даступнага лекавага забеспячэння насельніцтва, – заўважыла Т.А. Зарэцкая.

 Дзяржаўная аптэчная сетка ў сваім развіцці імкнецца захоўваць не толькі крокавую, але і цэнавую даступнасць, падкрэсліла Таццяна Аляксандраўна.

У новай аптэцы шырокі выбар лекавых прэпаратаў і прафілактычных сродкаў, тавараў медыцынскага прызначэння і догляду хворых, і асартымент будзе папаўняцца. Досыць разнастайная і касметычная лінія. Паход сюды за здароўем будзе выгадным для грамадзян, якіх дзяржава падтрымлівае праз выпіску бясплатных і льготных рэцэптаў. Прадугледжана прадастаўленне 5-працэнтнай зніжкі на ўсю прадукцыю айчыннай вытворчасці інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і прыроўненым да іх катэгорыям, дзецям-інвалідам, асобам пенсійнага ўзросту, “чарнобыльцам”, цяжарным жанчынам, мнагадзетным сем’ям, дзецям да трох гадоў. Умова водпуску лекаў – прад’яўленне дакумента, які пацвярджае права на льготу. Такая ж зніжка даецца кожнаму, хто набывае прэпараты айчыннай вытворчасці на суму 250 тысяч рублёў і вышэй.

Як патлумачыла загадчыца ЦРА №6 Н.М. Чайкоўская, аптэка пакуль што працуе да 17 гадзін, у далейшым плануецца арганізаваць яе работу ў дзве змены. Абслугоўваць наведвальнікаў даручана вопытнаму фармацэўту Марыне Анатольеўне Папялушка.

“Пражыванне” пад адным дахам стане ўзаемавыгадным супрацоўніцтвам і добрым суседствам, перакананы прадстаўнік абласной “Фармацыі” і раённага філіяла спажыўкааперацыі. Заходзячы ў адну ўстанову, жыхары горада не абмінуць і другую. “Вельмі добра, што ў гэтым куточку нашага горада адкрылася новая аптэка”, – выказалася адна з першых наведвальніц Я.П. Калашнікава, якая жыве непадалёку. Скарысталіся магчымасцю набыць неабходныя прэпараты і іншыя жыхары новага мікрараёна і суседніх з ім вуліц.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

 

Article written by