Шчодрая “Ёлка здароўя”

 

2017-01-09_114206

У марафоне добрых спраў, на якія так багаты перадсвяточныя дні, прыняла ўдзел і цэнтральная раённая аптэка №6 г. Шчучына

У сценах гэтай установы з 14 па 26 снежня праводзілася дабрачынная акцыя “Ёлка здароўя”, ініцыятарам якой выступіла Гродзенскае РУП “Фармацыя” і яе пярвічная арганізацыя “Беларускага саюза жанчын”. Мэта мерапрыемства – аказаць дабрачынную дапамогу дзеткам з няпоўных, малазабяспечаных сямей і ўсім тым з іх, хто мае асаблівую патрэбу ў дадатковай падтрымцы, увазе і клопаце неабыякавых дарослых.

Паколькі зрабіць добрую справу належала з улікам спецыфікі работы аптэкі, у адзін з пераднавагодніх дзён у гандлёвай зале ЦРА №6 і з’явілася незвычайная прыгажуня-ёлка, а побач з ёй – калядныя шкатулкі. Усім, хто заходзіў сюды, прапаноўвалася на свой выбар набыць са зніжкай 7% вітаміны і БАДы і пакласці іх у якасці падарунка для дзяцей.

Шчодрых душой людзей аказалася шмат. За паўтара тыдня шчучынцы сабралі ў дар для незнаёмых, але не чужых дзяцей гематаген і гематавіт, аскарбінку, разнастайныя вітамінныя комплексы і БАДы. Не засталіся ў баку і самі работнікі аптэкі. І сёння загадчыца ЦРА №6 Н.М. Чайкоўская ў суправаджэнні сваіх калег накіравалася з яркімі і важкімі пакункамі ў раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр і Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў.

Вось так, дзякуючы арганізатарам і ўдзельнікам дабрачыннай “Ёлкі здароўя”, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі магчымасць умацаваць свой імунітэт, каб супрацьстаяць сезонным хваробам. Сапраўды, тварыць дабро проста.

Таццяна ПАЛУБЯТКА

Фота аўтара.

Article written by